ТАРО́ПЕЦКА-ХО́ЛМСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

наступальная аперацыя сав. войск 3-й (ген.-лейт. М.​А.​Пуркаеў) і 4-й (ген.-палк. А.​І.​Яроменка) ударных армій Паўн.-Зах. (з 22 студз. ў складзе Калінінскага) фронту 9 студз. — 6 лютага, праведзеная на завяршальным этапе Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял. Айч. вайну. Сав. камандаванне ставіла задачу сіламі гэтых армій разграміць групоўку праціўніка на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр». 9 студз. сав. арміі перайшлі ў наступленне і прасунуліся на З на 25—30 км. У пач. лютага 3-я ўдарная армія выйшла на подступы да г. Вял. Лукі Пскоўскай вобл., 4-я ўдарная — да гарадоў Веліж і Дзямідаў Смаленскай вобл., а яе 249-я стралк. дывізія прарвалася да Віцебска. Ням. камандаванне перакінула на гэты напрамак 4 пях. дывізіі з Зах. Еўропы, таму сав. войскі перайшлі да абароны. У выніку Т.-Х.а. Чырв. Армія прасунулася да 250 км, абышла з ПнЗ ржэўска-вяземскую, з Пд дзямянскую групоўкі праціўніка, стварыўшы ўмовы для іх разгрому; у лініі ням. фронту ўтварыліся т.зв. Віцебскія «вароты». У наступленні на Віцебскім напрамку сав. войскам вял. дапамогу аказалі партызаны Суражскай партыз. зоны.

т. 15, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)